РУС БЕЛ ENG

Гульнёвая праграма ”З хатняга куфэрка“

17.01.2023
З кастрычніка 2022 года педагогам –арганізатарам ДУДА «Аршанскі раённы цэнтр фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі» Ягоравай Вольгай Уладзіміраўнай у краязнаўчым пакоі “Спадчына Аршаншчыны”, які знаходзіцца па адрасе: вул.Чарняхоўскага, 5, для вучняў устаноў адукацыі Аршанскага раёна праводзіцца гульнёвая праграма ”З хатняга куфэрка“.

За тры месяцы краязнаўчы пакой ”Спадчына Аршаншчыны“ ужо наведалі вучні дзяржаўных  устаноў адукацыі г.Оршы: №№ 5, 8, 9, 12, 13, 14, 16, 17, 20.

Падчас правядзення гульнёвай праграмы вучняў сустракае вядучая –  Гаспадыня, якая вядзе расповед аб прадметах, якімі карысталіся нашы продкі, знаёміць з прыладамі працы ў ”дзедавым куту“, распавядае, як выглядала сялянская хата і якімі прыладамі карысталіся жанчыны ў ”бабіным  куце“.  Разглядаючы вітрыны з рушнікмі і манекены з народным адзеннем, дзеці даведваюцца ад Гаспадыні і пра сімволіку ў вышыванках і прадметах адзення Аршанскага раёна.

Пасля экскурсіі па пакоі пачынаецца гульнёвая праграма, якая складаецца з некалькіх этапаў. Падчас размінкі ўдзельнікі адказваюць на пытанні віктарыны. Затым яны павінны пазнаць прадмет па апісанні і знайсці яго на паліцах пакоя. Хто ўважліва слухаў Гаспадыню, той і з заданнямі спраўляецца лёгка. На наступным этапе ўдзельнікам прапануецца адгадаць беларускія загадкі пра дом, прылады працы і прадметы сялянскага побыту.

Затым удзельнікам прапануецца ”накіравацца“ на кірмаш. У XIX-пач.XX ст. кірмашы на Аршаншчыне звычайна ладзіліся каля Ільінскай царквы. Сяляне выпраўляліся туды, як на свята. Абавязковым было прынесці хатнім гасцінцы і падарункі. Таму і ўдзельнікі гульні павінны ”набыць“ тое, аб чым прасілі іх дома. Гэты этап гульні вельмі спадабаецца ўсім, таму ў пакоі  весела і шумна, як на сапраўдным кірмашы.

Наступны этап ”Дзяды і ўнукі“ адлюстроўвае эвалюцыю многіх гаспадарчых прылад і прадметаў. Удзельнікі шукаюць прылады, якія зараз замяніла сучасная тэхніка, а затым спрабуюць паказаць, як імі карысталіся раней: качалі рушнікі, раскалачвалі калатоўкай кулеш, прасавалі пранікам бялізну і г.д. 

Дом – самае важнае з матэрыяльнай культуры беларусаў, аб ім складзена вельмі многа прыказак і прымавак. Таму апошнім этапам гульні было –  дасказаць другую частку  прыказкі пра дамашні абіход беларусаў.

Па выніках гульні Гаспадыня, якая задавала пытанні і раздавала адмысловыя фішкі за правільныя адказы і выкананыя заданні, частуе  вучняў  салодкімі прызамі. Напрыканцы, даведаўшыся  пра прадметы побыту і працы нашых продкаў, удзельнікі гульні робяць вывад, якімі  якасцямі валодалі нашы прадзеды, што для іх было самым каштоўным.

Такім чынам, гульнёвая праграма ”З хатняга куфэрка“ спрыяе пашырэнню слоўнікавага запасу вучняў па этнаграфічнай спадчыне. У вучняў выхоўваецца  адчуванне: ведаць, вывучаць, берагчы старыя рэчы мінуўшчыны – значыць, развіваць і ўзбагачаць найноўшую гісторыю сваёй Бацькаўшчыны.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць краязнаўчы пакой ”Спадчына Аршаншчыны“  і прыняць удзел у гульнёвай праграме ”З хатняга куфэрка“. Гульня праводзіцца па запісу і дамоўленасці з Ягоравай В.У. па тэл. 51-04-53 у наступныя дні тыдня: панядзелак, аўторак, чацвер з 10.00 да 12.00, серада, пятніца з 13.00 да 15.00.

Вынікі наведвання краязнаўчага пакоя будуць улічаны ў выніковым пратаколе ў адпаведнасці з Палажэннем аб раённым конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі па краязнаўчай рабоце за 2022/2023 навучальны год у рубрыцы «дадатковыя конкурсы».

Падрыхтавала: Ягорава В.У., педагог –арганізатар